ПОЛІАКРЫЛАНІТРЫ́ЛЬНЫЯ ВАЛО́КНЫ, акрылавыя валокны,

сінтэтычныя валокны, што фармуюць з раствораў поліакрыланітрылу. Прамысл. вытв-сць пачата ў ЗША у 1946. Вядома каля 250 гандл. марак П.в., асн. з іх: нітрон, акрылан, арлон, дралон, куртэль, кашмілон.

Паводле мех. уласцівасцей падобныя да шэрсці. Вызначаюцца атмасфера- і святлоўстойлівасцю, устойлівыя да ўздзеяння мікраарганізмаў, а таксама раствораў кіслот і шчолачаў сярэдніх канцэнтрацый, арган. растваральнікаў, у т. л. тых, што выкарыстоўваюць у хім. чыстцы (бензін, ацэтон, трыхлорэтылен і інш.). Вырабляюць пераважна штапельныя (рэзаныя) П.в. ці жгут. Выкарыстоўваюць у вытв-сці трыкатажу, дываноў, штучнага футра, адзежных, абівачных і фільтравальных тканін, для перапрацоўкі ў вугляроднае валакно; у сумесі з бавоўнай і віскознымі валокнамі — для вырабу гардзін, брызенту.

М.​І.​Пракапчук.

т. 12, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)